***
У маладосці мастак выпіваў і маляваў цёмныя ды цяжкія, канцэптуальныя нацюрморты з бутэлькамі з-пад віна і гарэлкі, а як кінуў піць, то пачаў складаць празрыстыя, вясёлыя ды атракцыйныя нацюрморты з бутэлечак з-пад парфума. 
Мензуркі “поп і ксёндз”.
14 Декабрь 2008
Шкло
11 Декабрь 2008
Ток-шоў
Сёння паў дня забралі тэлевізійшчыкі з БТ– пісалі рэпартаж пра Адама Глобуса і нашае выдавецтва для “ток-шоў” Якое “ток-шоў” і калі пойдзе ў эфір мы дакладна не даведаліся, бо ані ў мяне, ані ў брата БТ не ідзе, і нам без розніцы. 
Тэлежурналістка Вольга паскардзілася, што ў гэтым годзе не купіла ніводнай кнігі.
А я гады два, як не гляджу тэлебачанне. Ніякае. Гляджу толькі кіно па DVD. Што пойдзе ў эфір з сённяшняга запісу, я думаю, ніколі не ўбачу. Але ж мама яшчэ часам глядзіць БТ. Няхай мама парадуецца, як убачыць Валодзю. 


10 Декабрь 2008
Фокус
***
У сваім дзённіку Юрый Алеша напісаў , што чалавек, які займаецца фатаграфіяй, і оптык, і геаметр, і хімік, і мастак.
Час і лічбавая фатаграфія ўнесла невялікія карэктывы, замест хіміка ў фота прыйшоў электрык, праграміст і кампутаршчык, але геаметр, оптык і мастак засталіся.
Гэтак сама, як мастак павінен быць, і хімікам, і цесляром, і краўцом, але галоўнае – добрым фокуснікам ілюзіяністам, які артыстычна і нечакана з рукава можа выцягнуць свежае палатно з каляровым жывапісам. 
Адам Глобус і свежы нацюрморт, 09.12.2008.
9 Декабрь 2008
Анатоль і пластыкавая чарка
***
Анатоль зайшоў з бутэлечкаю, прайшоў на кухню і папрасіў чарку, як было не аднойчы. Спачатку Анатоль шырока раскінуўшы рукі абняў мяне па братэрскі. Любіў Анатоль абдымацца і цалавацца пры сустрэчах і на развітанне. Ягоны зычны барытон адразу запаўняў усю прастору пакоя. Я паставіў перад Анатолем акуратную маленькую пластыкавую чарку, якую захапіў у маскоўскім аэрапорце. Гэта было ў тыя гады, калі ўсе пілі, і пілі паўсюды, пілі шырока на працы, разняволена ў майстэрнях і ў выдавецтвах, крадком пілі ў цемры міліцэйскіх пастарункаў і салодка на свежым паветры ў скверыках на лавах, зацішна ў транспарце і смачна пры дарозе. Быў час, калі мы моцна пілі ў самалётах, а ў аэрапортах запасаліся джэнтльменскім наборам — бутэлькамі, бутэрбродамі і пластыкавымі чаркамі. Выпіваць пачыналі яшчэ ў Шарамудава, там у буфеце філіжанка кавы удвая даражэй за сотку тэкілы і бутэрброд з сёмгаю танней за бутэрброд з кілбасою. Станеш у чаргу за каваю, і язык не паварочваецца замаўляць каву па дзесяць – дванаццаць баксаў, бярэш тэкілу і набіраеш чарачак на дарогу, каб у самалёце не турбаваць сцюардэс і адкаркоўваць назапашанае яшчэ да ўзлёту. Адзіная далікатная рэч была ў Шарамудава — акуратная маленькая чарачка пад паўсотню гарэлкі, на тонкай ножцы, як на жаночым абцасіку шпільцы, зробленая з любоўю да моцных напояў. Такую далікатную маскоўскую чарачку я паставіў перад Анатолем.
–Я з пластыку ня п’ю гарэлку! Пастаў шклянку! –абурыўся Анатоль і пальцамі раструшчыў чарку на дробныя аскепкі, злосна, як быццам трушчыў ворага. Анатоль наліў паў шклянкі, выпіў адным глытком, нават крышку працверазеў, ненадоўга, на якое імгненне.
–Ніколі ня пі гарэлку з пластыку – сап’ешся! – у той дзень на развітанне сказаў Анатоль.
Я даўно кінуў піць ў маскоўскіх аэрапортах, цяпер там наліваюць гарэлку ў мутнае тоўстае шкло, але я замаўляю дарагую і не смачную каву. Гэта засталося нязменным — кава і зараз даражэй за тэкілу. Я часам успамінаю, што застаўся вінен Анатолю чарачку пад гарэлку са звонкага крышталю, згадваю ягоны зычны барытон і ягонае ўлюблёнае выслоўе: «Я хуею ад гэтых рускіх!»
8 Декабрь 2008
Снег
Раніцаю тонкі як папера сняжок абцярушваў і забельваў краявіды, але я падумаў, што ўсе мае развагі пра мароз, зіму і снег, гэта развагі чалавека, які выйшаў з цёплага дому, чалавека ў зімовым паліто, які ад снегу настаўляе каўнер з фура.
7 Декабрь 2008
Хатнія сушы.
Даўно не пісаў на кулінарныя тэмы. 
Нядаўна ў Вільні навучыў Чэслава хутка круціць беларускія сушы, або сушы па хатняму.
Замест рысу – тонкі лаваш, мяккі плаўлены сыр, кроп і пятрушка, гурок і рыба.
Лаваш намазаць плаўленым сырам, рыбу і гурок нарэзаць тонкімі стужкамі, і выкласці на лаваш, дадаць кром і пятрушку, скруціць у трубачку і нарэзаць крышку наўскос.
Гатаваць пяць хвілін, а есці смачна. 

5 Декабрь 2008
дзённік
***
Пісьменнік, у адрозненні да фатографа, ня можа спаслацца на кепскае святло.
***
Сёння раніцаю сабраўся падстрыгчы галінкі слівы ля дома, але моцны дождж прагнаў з вуліцы і я адклаў стрыжку на выходныя. Я ведаю, што стрыжанае фруктовае дрэвы не плоданасіць, а я кожную восень стрыгу сліву. Дзіўна тое, што вясною я буду чакаць сліў на дрэве. Слівак ня будзе, я натуральна расстроюся, а ўвосень зноў падстрыгу дрэўца. Мусіць, стрыжаныя дрэвы я люблю болей за кіслыя фрукты.
***
Сапраўдная любоў прыходзіць тады, калі спускаешся з нябёсаў і любіш не тонкія абдымкі галінкамі, а пачынаеш любіць каранямі, пад зямлёю.




