Міраслаў Адамчык

18 Январь 2009

тату

Filed under: дзённік,тэкстуры,фота — @ 22:43

***
Другі дзень запар трапляюцца заказчыца на фотапартрэт з тату на назе. Сёння не ўтрымаўся і папрасіў дазволу прыбраць ў фоташопе тату з некаторых здымкаў, мажліва гэта прагучала не ветліва, але жанчына адразу пагадзілася і папрасіла прабачэнне за тое, што сама не замазала тату грымам. Я патлумачыў, што літаральна ўчора фатаграфаваў жанчыну з такім жа самым тату на тым жа месцы, і паказаў здымкі. Заказчыца цяжка ўздыхнула і сказала:
–А я думала, што маё тату ўнікальнае.




Таццяна і кнігі, Мінск,18.01.2009.

Пераўтварэнні

***
Чытаю Метамарфозы Апулея і разважаю пра пераўтварэнні чалавека.
У мастацтве заказчык можа ператварыцца ў мадэль і натуршчыка.
Калі ў мастака заказчык царква, то і Хрыстос ператвараецца з сімвала ў мадэль, з мадэлі ў натуршчыка і шаблон, каб зноў стаць сімвалам і аб’ектам веры, або застацца шаблонам.
Модэль – звычайна гучыць урачыста, натуршчык – празаічна, а па сутнасці паміж мадэллю і натуршчыкам розніцы няма.




Ала, Мінск, 17.01.2009








15 Январь 2009

Чатыры сказа пра фота

Filed under: дзённік,тэкстуры — @ 21:34

***
Самы кароткі і праўдзівы фільм пра каханне – фотаздымак у жанры “ню”.

***
Фота на пашпарт – самы запатрабаваны здымак, але фота на пашпарт выклікае сапраўдную нянавісць усіх фатографаў.

***
Твой самы лепшы здымак блізкія выберуць табе на помнік, але без твайго ўдзелу, часцей за ўсё на помнікі ідуць фота з пашпарту.

***
Ні разу не бачыў на могілках фота ў жанры “ ню”, але шмат чуў слоў пра любоў і каханне.

10 Январь 2009

Медаль

***
Міліцыянер Пятровіч любіць успамінаць, як яму ўручалі медаль.
То згадае, як боўтаўся шырачэзны кіцель на раптоўна схуднелай начальніцы упраўлення – зацкавалі жанчыну, а праз тыдзень пасля ўручэння медалёў, выгналі з пасады.
То прыгадае якія раней былі банкеты, а цяпер п’юць тоячыся і хаваючыся ад вачэй камандзіраў. Апошні раз Пятровіч сумна згадаў пра медаль і падсумаваў:
–Мне, як ветэрану, далі за так, а маладым сказалі заплаціць за медаль, здаць у касу па 60 тысяч. Цьфу ты, паскудства, за медаль плаціць!

5 Январь 2009

Фота

Filed under: дзённік,тэкстуры,фота — @ 16:23

***
Пісьменніку вяртацца да напісанага – цяжка, нават балюча, бачацца памылкі, хочацца правіць стыль, мову, шукаць адпаведныя словы, перапісваць, рэдагаваць, а лепш усе напісаць наноў, а фатографу наадварот, прагартаць старыя здымкі, адно прыемныя ўспаміны.
Як хутка старацца і робяцца нецікавымі мінулагоднія тэатральныя пастаноўкі, як хутка старацца кінастужкі, у кіно час сцірае межы паміж драмаю і камедыяй, старое кіно глядзіцца эмацыянальна роўна, міла і наіўна, як аматарскія кінахронікі. Чаму кінастужка старыцца, а фота не?

Запісваю на дыскі мінулагоднія фотаздымкі, складаю ў скрыні фотаархіў, і з задавальненнем разглядаю некаторыя кадры. А вяртацца і перачытваць, правіць мінулагоднія тэксты – пакута. Чаму літаратура старэе, а выяўленчае мастацтва, жывапіс, скульптура, нават фатаграфія з часам толькі набываюць? Чаму другаснага пісьменніка мінулага стагоддзя чытаць немагчыма, а стары фотаздымак, зроблены нават пасрэдным фатографам, выклікае цікаўнасць? Мажліва, з таго, што літаратурныя творы застаюцца вечным мастацтвам, і не пераходзіць у стан антыкварыяту, гістарычнага дакумента, артэфакта…




У леташніх здымках знайшоў яшчэ адзін кадр, зроблены пасля карыды — адклаў на развітанне з годам быка.

17 Декабрь 2008

Залатая палічка

Filed under: барса,тэкстуры,фота — @ 22:57

***
Юрый Алеша марыў стварыць дома залатую палічку і сабраць на яе ўсе свае самыя любімыя кнігі, нават прамалёўваў яе канструкцыю, уяўляў, як замовіць палічку цесляру, разважаў, як абклеіць яе залатою папераю. Але ж, на жаль, у Алешы не было пад рукою залатой паперы. Алеша старанна складаў спісы сваіх самых любімых кніжак і па крышку пісаў пра кожнага аўтара. Спісы кніг Юрыя Алешы мяне не ўразілі, у мяне іншыя любімыя кнігі, але выразна запомнілася сама ідэя з залатою палічкаю. Каб я ствараў такую палічку, то абавязкова паставіў бы на яе дзённікі Юрыя Алешы, да якіх прыемна вяртацца, перачытваць і кожны раз знаходзіць цікавае і адпаведнае свайму сэрцу, у любую вольную хвілінку і пад любы настрой.
Чаму я не стварыў сваю залатую палічку? Напэўна, таму што мяне, апроч кніг, яшчэ цікавіць сучасны літаратурны працэс, і мая любімаю кніжная палічка – гэта палічка супермаркета. Услед за “Ні дня без радка…”, супермаркет прынёс новую формулу – “Ні дня без новай кнігі”. Навошта мне залатыя палічкі, шафы і стэлажы? Вяртацца і супакоена перачытваць? У мяне на працы і дома стэлажы кніг – абцяжараныя і незавершаныя, у вечным працэсе абнаўлення. Мяне непакоіць сапраўдны акіян сучаснай літаратуры, зменлівы і жывы, яго ня сціснуць да адной шафы, тым больш адной, нават залатой палічкі.


16 Декабрь 2008

нацюрморт

Filed under: тэкстуры,фота — @ 0:54

***
Ле Карбюз’е вылічыў, што ідэальныя нацюрморты застаюцца на стале пасля таго, як чалавек паеў. Усё лішняе і непатрэбнае пад час ежы чалавек прыбірае, адсоўвае ў бок, вычляняе па вартасці, па вазе, па значнасці. Усе рэчы на стале пасля ежы дакладна расстаўлены і сабраны ў правільную кампазіцыю, выбудаваную, вымераную, усё ўзважана і ўраўнаважана, суаднесена з чалавечымі патрэбамі, нават правільна асветлена і сабрана па колеру. Нацюрморт, які чалавек інтуітыўна і механічна выбудоўвае пад час ежы — ідэальна гарманічны па кампазіцыі і тонка ўраўнаважаны па колеру і святлу.
Прыгожае назіранне, асабліва, калі гэты чалавек сам Ле Карбюз’е.
Я веру, што геніяльны архітэктар пакідаў пасля ежы ідэальныя нацюрморты, але ўпэўнены — які чалавек, такі і нацюрморт.
Цяпер магу сказаць – паглядзі, які нацюрморт застаўся пасля твайго абеду, і ты пабачыш, што можа застацца пасля твайго жыцця.




Перадкалядны нацюрморт

8 Декабрь 2008

У кожнай трубе дрэмле жалобны марш…

Filed under: грэгерыя,тэкстуры,фота — @ 15:35











24 Ноябрь 2008

Рыба

Filed under: тэкстуры,фота,хоку — @ 23:48

***
Жывую рыбу
не забіваюць, чакаюць,
покуль засне.




***
Нядаўна пляменніца Ядзя прынесла бабулі карпа, каб ёй нагатавалі заліўное, такое смачнае, якое можа згатаваць толькі бабуля, у кожнай сям’і свае кулінарныя сакрэты заліўной рыбы. Мама дзень чакала, покуль карп засне – ня можа чысціць жывую рыбу. А карп усё ляпаў і ляпаў хвастом.
Учора я прынёс пару жывых карпаў да дому. Нават кот напружыўся і баязліва хаваўся ад рыбы. А мая Таццяна папрасіла, каб я сам ня чысціў жывую рыбу, бо пасля мяне не адчысціць кухні… Ноччу рыбіны заснулі.




18 Ноябрь 2008

Юродзівасць

***

Які рускі філосаф ня юродзівы?
Што Васіль Розанаў, што Аляксандр Дугін, нядаўна яшчэ модны, а цяпер падзабыты Бярдзяеў…
Чытаеш, быццам разумныя людзі, але навошта юродстваваць, не разумею.
У летуценніка Васіля Розанава — «Уединенное» ці «Опавшие листья», знаходжу шмат лірычнага і мастацкага: “Листья в движении, но никакого шума. Все обрызгано дождем сквозь солнце.”, выдатна напісаны сказ, мікракосмас. Выключная вобразная мова, геніяльныя саманазіранні:
“Иногда чувствую что-то чудовищное в себе. И это чудовищное – моя задумчивость. Тогда в круг ее очерченности ничто не входит.
Я каменный.
А камень – чудовище.
Ибо нужно любить и пламенеть.
От нее мои несчастия в жизни (былая служба), ошибка всего пути (был только, «выходя из себя», внимателен к «другу» и ее болям) и «грехи».
В задумчивости я ничего не мог делать.
И, с другой стороны, все мог делать («грех»).
Потом грустил: но уже было поздно. Она съела меня и всё вокруг меня.”


Але ж і вар’яцтва прэ праз старонку, праз сказ. Так, што сорамна, нават сорамна паўтараць. Ня хочацца цытаваць, брыдка за разумнага чалавека.
Брыдка глядзець на юродзівых, хочацца адвярнуцца, адысціся ў бок. Ці даць багаборцу рубель на міласціну.

Нядаўна брат прынёс на працу двухтомнік Аляксандра Дугіна «Русская вещь», чорны з золатам, шрыфт – руская готыка. Фундаментальнае выданне. Згадваю, як некалі Піліп Пестрак у Саюзе пісьменнікаў выступаў: “ Чаму Пятруся Броўку выдаюць у савецкай чырвонай вокладцы, а мяне у вокладцы фашыстоўскага колеру? А?”

Узяўся чытаць Дугіна. Месцамі разумна, нават здзіўляе адкрытасць і шырыня: «Россия не только утрачивает своё место в истории, она утрачивает осознание истории. Россия не только теряется в пространстве, она теряет осознание пространства.» …

«Русское пространство произошло от медведя борова и яблока. »

У параўнанні з Розанавым, Дугін мала вобразны, мала мастацкі, але ж такі самы юродзівы. Нават, і смешна і сорамна: «Католицизм – это фрагмент Православия…», і сур’ёзна разважае, правакуе на палеміку. Але хто будзе спрачацца з блазнам.

Тут мне хочацца каб у Расіі да ўлады вярнуўся Пётр І, не сапраўдны, а такі прычэсаны герой ад Аляксея Талстога, каб схапіў Дугіна за калматую бараду і прымусіў пагаліцца, і павёз ў Еўропу павучыцца навукам.
На двары 21 стагоддзе, а рускія філосафы ўсё адрошчваюць казліныя бароды на папоўскі манер. Калі ж яны ўжо паголяцца, прычэшуцца, памыюцца?


Older Posts »

Powered by WordPress

Закрыть